Фотавыстава «Сардэчная Беларусь»: мастацтва, натхнёнае сэрцам

3 снежня 2024 года ў рэстаране высокай і камфортнай кухні «Bistro о’Da!» адбудзецца ўнікальная падзея – адкрыццё выставы «Сардэчная Беларусь!», арганізаванай нацыянальным беларускім брэндам здароўя і прыгажосці sertsa. У цэнтры ўвагі – цудоўныя фотаработы вядомага фотамастака Сяргея Плыткевіча.

 

 

Сімвалізм і натхненне
Галоўным элементам экспазіцыі стане фатаграфія выспы ў форме сэрца на возеры Усая. Гэты ўнікальны прыродны аб’ект сфатаграфаваны ў розныя часы года, што дазваляе выдатна раскрыць маляўнічую прыгажосць выспы. Сімвалізм выставы падкрэслівае ідэю: шчырае сэрца заўсёды застаецца верным і адкрытым, як беларуская прырода, якая натхняе сваёй непадробнай прыгажосцю. На выставе будуць паказаны і іншыя азёры, астравы ў форме сэрца – аказваецца, іх у Беларусі шмат, – а таксама сардэчныя моманты ў жыцці птушак.

 

 

Майстар прыроды
Сяргей Плыткевіч – прызнаны майстар анімалістычнай і пейзажнай фатаграфіі, аўтар персанальных выставак і фотаальбомаў пра Беларусь. Яго работы – гэта запрашэнне паглядзець на прыроду роднага краю з новай, глыбока эмацыянальнай перспектывы.

 

Сяргей Плыткевич за працай

Больш чым выстава
Мерапрыемства прымеркавана да гадавіны брэнда sertsa і стане стартам рэспубліканскага фотаконкурса «Сардэчная Беларусь», які пройдзе ў 2025 годзе. Конкурс дасць магчымасць усім ахвочым падзяліцца сваім бачаннем беларускай прыроды, паказаць гасціннасць і шчырасць беларусаў.

 

Прыходзьце, каб убачыць прыроду Беларусі праз sertsa і аб’ектыў майстра Сяргея Плыткевіча!

 

Разам. Для жыцця

Версія для людзей са слабым зрокам